Праект

Этычны кодэкс узаемадзеяння прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі

Мы, прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў Беларусі – палітычныя, грамадскія і культурныя актывісты і актывісткі, праваабаронцы, прадстаўнікі і прадстаўніцы нацыянальна арыентаваных аб'яднанняў, медыя і экспертнай супольнасці,
аб'яднаныя агульнай мэтай прывесці Беларусь да статусу незалежнай, дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы,
кіруючыся высокай ступенню адказнасці дэмакратычных сілаў за будучыню Беларусі, захаванне еднасці нашага грамадства ў барацьбе супраць дыктатуры, прадухіленне ўцягвання Беларусі ў вайну, захаванне незалежнасці краіны,
усведамляючы неабходнасць фармавання палітычнай культуры Новай Беларусі, а таксама абароны правоў чалавека і павагі чалавечай годнасці як найважнейшай каштоўнасці,
ПРЫМАЕМ гэты Кодэкс узаемадзеяння і абвяшчаем наступныя прынцыпы.

● Грамадская карысць. У сваіх публічных і непублічных узаемадзеяннях прадстаўнік і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў сыходзяць з таго, што гэтыя ўзаемадзеянні павінны быць накіраваныя на карысць грамадства.

Палітычная канкурэнцыя.
Палітычная канкурэнцыя паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў ажыццяўляецца на здаровай і сумленнай аснове і дапамагае грамадству выпрацоўваць найлепшыя рашэнні для яго дэмакратычнага развіцця, фармаваць шырокі палітычны спектр для паўнавартаснага ўключэння грамадзянаў у працэсы прыняцця рашэнняў.

Канструктыўная крытыка. Узаемная канструктыўная крытыка прадстаўнікоў і прадстаўніц дэмакратычных сілаў з'яўляецца неад'емным элементам дэмакратычнай палітычнай культуры. Яна ажыццяўляецца з апорай выключна на рэальныя факты і накіраваная на паляпшэнне сітуацыі, у тым ліку шляхам альтэрнатыўных прапановаў.

Танальнасць камунікацыі. Прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў усведамляюць, што грамадства рэагуе не толькі на змест іх заяваў, але і на іх інтанацыю. Танальнасць камунікацыі прадстаўнікоў і прадстаўніц дэмакратычных сілаў вытрымліваецца ў межах агульнапрынятых этычных правілаў прафесійнай камунікацыі з максімальным выкарыстаннем механізмаў самакантролю.

Дыскусія. Сёння перад дэмакратычнымі сіламі паўстаюць вельмі складаныя пытанні, якія немагчыма вырашыць хутка і адназначна. У сувязі з гэтым прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў разглядаюць дыскусію не як прастору для канфлікту, а як месца для сумеснага пошуку аптымальных рашэнняў праз прамы і адкрыты дыялог.

Прэзумпцыя павагі. Прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў у сваіх узаемадзеяннях абапіраюцца на прыярытэт узаемнай павагі. Аніводзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў не можа быць ахарактарызаваны іншымі як той, хто не заслугоўвае даверу ці павагі, без дастатковага і аб'ектыўнага абгрунтавання.

Дыскрэдытацыя і самадыскрэдытацыя. У выпадку спробаў дыскрэдытацыі, наўмысна прадпрынятых кімсьці адносна да прадстаўніка і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў, апошні або апошняя мае права звярнуцца да іншых прадстаўнікоў або прадстаўніц дэмакратычных сілаў і медыя, а ў адпаведных выпадках – і да праваахоўных структураў дэмакратычных краінаў па дапамогу ў супрацьстаянні такой дыскрэдытацыі. У выпадку, калі дзеянні прадстаўніка і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў прывялі да яго або яе самадыскрэдытацыі, найлепшым рашэннем будзе публічнае прызнанне ім або ёй гэтага факта.

Адкрытасць. У адносінах з медыя і шырокай грамадскасцю прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў устрымліваюцца ад любой дэзінфармацыі, абразлівых заяваў, маніпулявання і імкнуцца да максімальнай адкрытасці, якая, аднак, можа абмяжоўвацца меркаваннямі этыкі і бяспекі.

Стаўленне да ананімнасці.
У выпадку з'яўлення ў інфармацыйнай прасторы ананімнай інфармацыі, якая з'яўляецца адчувальнай ці стварае сітуацыю небяспекі для прадстаўніка і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў, факт ананімнасці гэтай інфармацыі ўспрымаецца як інструмент правакацыі і застаецца ў такім статусе да выяўлення альтэрнатыўнай прычыны ананімнасці. У выпадку публікацыі ў медыя ці сацсетках спасылак на ананімныя крыніцы інфармацыі адказнасць за дакладнасць інфармацыі ляжыць на тым, хто яе апублікаваў.

Гумар, іронія, саціра і сарказм. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў усведамляюць, што выкарыстанне гумару, іроніі, саціры і сарказму з'яўляецца неад'емнай часткай палітычнай камунікацыі, аднак мусяць разумець дапушчальны дыяпазон паміж гэтымі інструментамі і прамой абразай, парушэннямі персанальнай прасторы і ўмяшальніцтвам у прыватнае жыццё або наўмыснай дыскрэдытацыяй.

Канфлікт інтарэсаў. Прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў дзейнічаюць у інтарэсах грамадства і імкнуцца пазбягаць сітуацый, калі асабістыя інтарэсы могуць перашкаджаць ім эфектыўна выконваць сваю працу, і прымаюць адпаведныя меры, каб кантраляваць канфлікты інтарэсаў і зніжаць рызыкі іх узнікнення. У выпадку ўзнікнення такога канфлікту прадстаўнік і прадстаўніца дэмакратычных сілаў павінен або павінна апублічыць гэтую інфармацыю.

Асабістыя дадзеныя. Прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў у сваёй працы з асабістымі дадзенымі людзей кіруюцца павагай да іх прыватнага жыцця і дзейнічаюць у адпаведнасці з Генеральным рэгламентам па абароне дадзеных (General Data Protection Regulation, GDPR), які рэгулюе гэтую сферу ў Еўрапейскім Саюзе.

Адказнасць за неэтычныя паводзіны

Для вызначэння паводзінаў прадстаўніка і прадстаўніцы дэмакратычных сілаў як неэтычных дастаткова факта парушэння аднаго з пунктаў гэтага Кодэкса. Надаць галоснасць такому факту, спасылаючыся на гэты Кодэкс, можа любы прадстаўнік і прадстаўніца дэмакратычных сілаў, медыя, шырокай грамадскасці, а таксама адпаведны калектыўны орган дэмакратычных сілаў.

Першаснай мерай адказнасці з'яўляецца агалошванне гэтага факта з яго адпаведнай ацэнкай іншымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дэмакратычнай супольнасці і медыя. Парушальнік або парушальніца павінны ўсведамляць, што сістэматычнае парушэнне гэтага Кодэкса немінуча вядзе да зніжэння даверу да яго або яе з боку астатніх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадства.
Асоба, якая сістэматычна парушае нормы этыкі і маралі, уключаючы нормы гэтага Этычнага кодэкса, але не абмяжоўваючыся імі, не можа быць чальцом ужо створаных аб'яднаных органаў і кааліцый дэмсілаў ці тых, якія ствараюцца.

Гэты Этычны кодэкс ухвалены на Канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» 9 жніўня 2022 года ў г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка.

Гэты Этычны кодэкс прызначаны забяспечыць канструктыўны характар узаемадзеяння, супрацьдзеянне правакацыям і стварэнне асновы новай палітычнай камунікацыі. Канфліктна-правакатыўная камунікацыя мусіць застацца ў гісторыі як прыкмета аўтарытарнай палітычнай культуры.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пакідаюць за сабой права стварыць калектыўны орган (камісію) па палітычнай этыцы.

Гэты Кодэкс можа быць дапоўнены калектыўным рашэннем прадстаўнікоў і прадстаўніц дэмакратычных сілаў і выдадзены ў абноўленай рэдакцыі.

Гэты Кодэкс з'яўляецца адкрытай ініцыятывай дэмакратычных сілаў, да якой могуць вольна далучацца любыя актары, якія адносяць сябе да дэмакратычных сілаў.