Праект

Дэкларацыя аб мэтах і каштоўнасцях беларускіх дэмакратычных сілаў

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі – палітыкі, грамадскія актывісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нацыянальна-арыентаваных аб'яднанняў, экспертнай супольнасці і іншыя – прымаем гэтую Дэкларацыю аб мэтах і каштоўнасцях, якія мы падзяляем незалежна ад нашай прыналежнасці да той ці іншай арганізацыі і ініцыятывы.

Гэтыя мэты і каштоўнасці ствараюць стратэгічную і каштоўнасную аснову ўсіх нашых сумесных дзеянняў і аб'ядноўваюць нас.

У сувязі з палітычным крызісам у Беларусі, беспрэцэдэнтным ціскам аўтарытарнага рэжыму на грамадзянскую супольнасць, масавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да актывістаў, стварэннем пагрозы ўцягвання Беларусі ў вайну і страты яе незалежнасці дэмакратычныя сілы ВЫЗНАЧАЮЦЬ наступныя агульныя мэты.

ВЫЗВАЛЕННЕ

Вызваленне Беларусі ад прысутнасці на яе тэрыторыі войскаў замежнай дзяржавы – Расійскай Федэрацыі і ўвядзенне забароны на прысутнасць замежных войскаў на тэрыторыі краіны.

Вызваленне ўсіх палітвязняў і тых, хто знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах, стварэнне ўмоваў для вяртання ў краіну грамадзянаў, якія вымушана пакінулі яе ў выніку пагрозы ці пераследу па палітычных прычынах.
Аднаўленне законнасці і прыцягненне вінаватых да адказнасці за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў за іх палітычныя перакананні.

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Захаванне рэальнага суверэнітэту
Ліквідацыя эканамічнай, энергетычнай, культурнай і іншых залежнасцяў Беларусі ад Расіі
Забеспячэнне самастойнасці Беларусі ў знешняй і ўнутранай палітыцы

ДЭМАКРАТЫЯ

Правядзенне ў краіне дэмакратычных выбараў
Забеспячэнне змяняльнасці ўлады і яе падсправаздачнасці народу
Забеспячэнне роўнасці ўсіх грамадзянаў перад законам
Развіццё грамадзянскай супольнасці
Вяршэнства правоў чалавека
Забарона любой дыскрымінацыі
Гендарная роўнасць
Свабода слова, думкі, перакананняў і мірных сходаў
Свабода канкурэнцыі
Свабода самарэалізацыі для кожнага грамадзяніна

Наш рух да вышэйназваных мэтаў аб'яднаюць наступныя КАШТОЎНАСЦІ:

Павага да чалавечай годнасці
Галоўная каштоўнасць – чалавек, яго жыццё, свабода, годнасць і цярпімасць да іншых. Кожны варты павагі незалежна ад яго статусу, фізічных або ментальных асаблівасцяў.

Развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці
Павышэнне ролі беларускай мовы ў грамадстве і сістэме адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры, захаванне культурна-гістарычнай спадчыны і развіццё нацыянальнай сацыяльна-палітычнай думкі.

Давер і бяспека
Дзяржава-партнёр замест дзяржавы-міліцыянта: грамадзяне больш хутка і эфектыўна вырашаюць задачы дзякуючы супрацы, дыялогу і салідарнасці, а не прымусу, абмежаванням ды ціску. Магчымасці роўнага доступу да правасуддзя гарантаваныя для ўсіх.

Ініцыятыўнасць і вера ва ўласныя сілы
Свабодная творчая і дзелавая ініцыятыва з'яўляецца галоўным рухавіком развіцця, прагрэсу, паляпшэння якасці жыцця беларусаў. Дзяржава жорстка абмежаваная ў магчымасцях умяшальніцтва ў бізнес, грамадскае жыццё і культуру.

Развіццё чалавечага патэнцыялу
Фокус на інвестыцыях у людзей, падтрымку талентаў, эканоміку ведаў, інавацый і адукацыі. Задавальненне чалавека сваім жыццём, магчымасцю працаваць, зарабляць і свабодна развівацца ў сваёй краіне.

Свабода і адказнасць
Свабода самарэалізацыі ў творчасці і навуцы, культуры і прадпрымальніцтве, але таксама і адказнасць кожнага за свае рашэнні і дзеянні. Свабода слова і думкі, перакананняў і мірнага волевыяўлення.

Раўнапраў'е ды роўнасць магчымасцяў
Роўнасць перад законам, недапушчальнасць дыскрымінацыі. Роўнасць магчымасцяў, а не вынікаў. Правы кожнага павінны быць пад абаронай дзяржавы. Нулявая цярпімасць да карупцыі.

Адкрытасць улады народу
Дзяржаўнае кіраванне павінна быць падсправаздачным грамадству, а ўся інфармацыя наконт дзейнасці органаў улады і бюджэтных сродкаў адкрытай і публічнай. Лічбавая дзяржава можа выкарыстоўвацца як эфектыўны і празрысты механізм рэалізацыі дэмакратыі.

Салідарнасць
У сваім імкненні да будучыні ў свабоднай дэмакратычнай краіне, у барацьбе з дыктатурай і з іншымі выклікамі часу беларусы праяўляюць узаемную падтрымку і здольныя аб'яднацца. Салідарнасць – непераможная сіла нашай нацыі.

г. Вільнюс, 9 жніўня 2022 года