Праект

Заява ў сувязі з пагрозай існавання дзяржавы Рэспубліка Беларусь

Сёння нашая краіна – Рэспубліка Беларусь – перажывае адзін з самых драматычных перыядаў свайго развіцця. Пад пагрозу існавання пастаўленая беларуская дзяржаўнасць. Мэтанакіравана і паслядоўна вынішчаецца беларуская мова і культура, перапісваецца гісторыя нашай краіны.

Створаная ў Беларусi аўтарытарная сістэма імкнецца паставіць пад абсалютны кантроль усе сферы грамадскага жыцця ў краіне. Знішчаецца грамадзянская супольнасць, не забяспечваюцца і не абараняюцца асноўныя правы і свабоды чалавека, не функцыянуе выбарчае права, унутры краіны практычна перасталі быць даступнымі недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, шмат з іх знішчаныя, немагчымая арганізацыя грамадскіх масавых мерапрыемстваў, а людзі атрымліваюць доўгія тэрміны зняволення нават за каментары ў сацсетках.

Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі беспрэцэдэнтная і патрабуе неадкладнай і жорсткай рэакцыі з боку дэмакратычных сілаў і міжнароднай супольнасці. Працягваюцца масавыя арышты і затрыманні людей за выказванне сваёй грамадскай пазіцыі. З-за мэтанакіраванай палітыкі пераследу за погляды і думкі сотні тысячаў беларусаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Не ажыццяўляецца расследаванне забойстваў i гвалту ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі з боку так званых «праваахоўных органаў».

У выніку дзеянняў аўтарытарнага рэжыму Беларусь сёння губляе лепшых прадстаўнікоў бізнесу, што паскарае разбурэнне эканомікі дзяржавы. З краіны з'язджаюць тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў, ініцыятыўных і крэатыўных прадпрымальнікаў, якія раней стваралі ўмовы для эканамічнага росту.

Нелегітымная ўлада Беларусі дала тэрыторыю нашай краіны для ажыццяўлення агрэсіі супраць суседняй дзяржавы – Украіны – i стала яе саўдзельніцай. У вынiку парушаная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, яе дамоўленасці з Украінай і міжнародныя абавязальніцтвы. Нашая дзяржава стала аб'ектам беспрэцэдэнтных санкцый, уведзеных у якасцi адказнасці за парушэнне нормаў міжнароднага права з мэтай прымушэння нелегітымнай улады спыніць рэпрэсіі і ўдзел у агрэсіі.

Мы канстатуем, што нашая краiна апынулася ў самым глыбокім грамадска-сацыяльным і палітычным крызісе за ўвесь час свайго існавання, які можа прывесці да знішчэння Рэспублікі Беларусь як дзяржавы.

З улікам згаданага вышэй лічым важным ажыццявіць дзеянні, накіраваныя на:

- аб'яднанне ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі з мэтай абароны дзяржаўнасці і суверэнітэту нашай краіны, вызвалення Беларусі ад панавання нелегітымнай улады і вяртання грамадзянам краіны права выбіраць сваю ўладу і вырашаць лёс і шляхі далейшага развіцця Рэспублікі Беларусь;
- кансалідацыю стратэгій асобных арганізацый у адзіную стратэгію дэмакратычных сілаў, накіраваную на выхад з сацыяльна-палітычнага крызісу;
- стварэнне новай канфігурацыі дэмакратычных сілаў Беларусі – прадстаўнiчага органа на базе рэфармаванай Каардынацыйнай рады i выканаўчага органа – аб'яднанага пераходнага кабінета, які возьме на сябе непасрэдную адказнасць за адхіленне рэжыму ад улады, захаванне стабільнасці ў пераходны перыяд да дэмакратыі і падрыхтоўку дэмакратычных выбараў.

Лёс Рэспублікi Беларусь і будучыня беларускай нацыі залежаць ад кожнага з нас і ўсіх разам. Воля, вызваленне, дэмакратыя – гэта тое, што павінна стаць штодзённымі прыярытэтамі дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі.

г. Вільнюс, 9 жніўня 2022 года