Праект

Заява аб непрымальнасці антыпольскай палітыкі рэжыму Лукашэнкі

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, удзельнікі Канферэнцыі «Новая Беларусь», заяўляем аб наступным.

У цяперашні час рэжым Лукашэнкі здзяйсняе актыўныя і сістэмныя дзеянні па фармаванні вобразу Польшчы як ворага Беларусі, выкарыстоўвае антыпольскую рыторыку і прапаганду ў мэтах фармавання негатыўных адносінаў паміж беларускім і польскім народамі.

Удзельнікі Канферэнцыі «Новая Беларусь» рашуча асуджаюць дзеянні рэжыму па разбурэнні добрасуседскіх адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай, парушэнні фундаментальных правоў польскай меншасці ў Беларусі і лічаць такую палітыку непрымальнай і недапушчальнай.

Вайна з могілкамі – гэта беспрэцэдэнтны акт, накіраваны не толькі супраць польскай меншасці ў Беларусі, але і на разбурэнне маральных асноваў беларускага грамадства. Здзек над пахаваннямі – гэта склад крымінальнага злачынства паводле дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Арышты прадстаўнікоў польскай меншасці, закрыццё польскіх школаў, разбурэнне польскіх пахаванняў – гэта дзеянні, якія парушаюць абавязальніцтвы Беларусі перад Польшчай па Дамове аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве 1992 года i маюць на мэту стварэнне канфлікту ў адносінах паміж беларускім і польскім народамі.

Удзельнікі Канферэнцыі заяўляюць аб сваёй салідарнасці з польскай этнічнай меншасцю, якая пражывае ў нашай краіне, падтрымліваюць намаганні дэмакратычных сілаў па адстойванні правоў палякаў у Беларусі.

г. Вільнюс, 9 жніўня 2022 года