Праект

Заява аб салідарнасці з украінскім народам

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, удзельнікі Канферэнцыі Новай Беларусі, пацвярджаючы ключавыя палажэнні Дэкларацыі аб прынцыпах узаемаадносінаў паміж беларускім і ўкраінскім народамі ад 27 лютага 2022 года, прынятай Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, усведамляючы сваю гістарычную адказнасць за захаванне міру і бяспекі для будучых пакаленняў пры павазе да прынцыпаў непарушнасці дзяржаўных межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў, заяўляем аб наступным.

Мы рашуча асуджаем варварскую вайну, развязаную Пуціным пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. Гэты акт агрэсіі ўяўляе сабой найгрубейшае парушэнне Статута ААН, якое непазбежна пацягне за сабой міжнародна-прававую адказнасць вінаватых за незаконнае прымяненне сілы і шматлікія ваенныя злачынствы.

Мы безумоўна прызнаем тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна-прызнаных межах і падтрымліваем гераічны народ Украіны ў яго мужным супрацьстаяннi агрэсіі з боку рэжымаў Пуцiна i Лукашэнкi дзеля абароны сваёй краіны і мiру ва ўсiм рэгіёне.

Свабода і бяспека Украіны немагчымыя без незалежнай Беларусі, а свабоднай Беларусі жыццёва патрэбная суверэнная Украіна. Сёння ў складзе Узброеных сілаў Украіны за яе змагаюцца сотнi беларусаў, якiя з'яўляюцца для нас прыкладам гераiзму i мужнасцi. Супольнымi намаганнямi i ўзаемнай падтрымкай у імкненні да свабоды, незалежнасцi i дэмакратыi народы Беларусi i Украіны змогуць забяспечыць устойлiвы мiр i развiццё нашых краiнаў. Мы пацвярджаем сваю ўсебаковую салідарнасць з Украінай і заяўляем аб рашучасці прымаць усе меры, неабходныя для спынення агрэсіі, аднаўлення добрасуседскіх адносінаў і забеспячэння міру ў нашым рэгіёне.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

г. Вільнюс, 9 жніўня 2022 года